Паўночных хмар ваўняныя абрысы,

Пранізлівага ветру узмахі крыл,

Хаваюць сарамлівых сопак высі,

Зсівелых мхоў кудлаціць белы пыл.

Маўклівыя нібыта здані скалы,

Былых вякоў бацькі, каменняў продкі,

З вышынь сваіх тужліва аглядаюць далі,

Паволіць часу бег няўмольны сродкі.

Гарэзлівай рачулкі перакатны смех,

Дурманам багуна сцякае долу,

Туманам паглынае ў ватны мех,

Іголак зледзянелых елак холад.

Покліч нордскіх неўміручых каранёў,

Дарогі шлях спакой забраўшы цягне,

Зазывае дакрануцца да бацькоўскіх валуноў,

Парэшткі успамінаў паглынае ў багне.